Аршанскія курганныя магільнікі
Аршанскія курганныя магільнікі — помнік археалогіі. Знаходзіцца ў Оршы.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]У 1987 г. археалагічны атрад Інстытута гісторыі АН БССР пачаў раскопкі помніка. Было ўскрыта 300 м², знойдзены першабытныя прылады працы. Залягалі яны на глыбіні да 0,4 м ад сучаснай паверхні, частка была вырыта плугамі на паверхню. Прылады вырабляліся з крэйдавага крэменю. Усяго было знойдзена каля 3 тысяч вырабаў, сярод іх скрабкі, якімі здымалі рэшткі мяса са скур жывёлы. Скуры затым выкарыстоўваліся для перакрыцця і ўцяплення буданападобных жытлаў, з іх выраблялі абутак і адзенне.
Сведчаннем апрацоўкі і вырабу прылад з косці з'яўляюцца разцы. На стаянцы былі знойдзены праколкі, скоблі, нажы, вырабленыя з пласцін і адшчэпаў. Аднак найбольшую цікавасць для археолагаў прадстаўляюць наканечнікі стрэл. Па іх можна меркаваць аб узросце стаянкі. На жаль, знойдзены толькі адзін наканечнік, выраблены з пласціны. Сыравінай для вырабу прылад працы служылі таксама дрэва і косць, але да нашага часу такія ўзоры не захаваліся. Асноўным заняткам старажытнага чалавека, мяркуючы па знаходках, былі паляванне на птушак і дзікіх жывёл, рыбалоўства.
У 1988 г. у Оршы быў выяўлены яшчэ адзін помнік каменнага веку. Знайшоў яго школьнік Сяргей Кузняцоў. Знаходзіцца помнік таксама на беразе Дняпра, каля вады, на ўзроўні 8 м над ёй. Археолагі сумесна з вучнямі школы № 17 правялі даследаванне першабытнай стаянкі. Было ўскрыта 168 м² глебы на глыбіню каля 1 м. У раскопе знойдзена вялікая колькасць каменных прылад працы і адходаў іх вытворчасці — 1858 адзінак. Вырабляліся яны з вельмі якаснага крэйдавага крэменю чорнага або шэрага колеру. Сярод прылад нуклеусы, праколкі, скрабкі, наканечнік стралы, сякера. Разам з імі знойдзены рэшткі ляпной пасудзіны. Датуецца стаянка канцом неалітычнай эпохі, гэта значыць, канцом 3-га тысячагоддзя да н.э.
Ва ўрочышчы Замчышча пры ўпадзенні р. Аршыца ў Дняпро знаходзіцца гарадзішча. Пляцоўка памерам 105Х75 м узвышаецца на 6-7 м над навакольнай мясцовасцю. З боку сучаснага горада ўмацавана ровам глыбінёю каля 3 м. Даследавалі ў 1928 г. А. М. Ляўданскі, у 1964 г. Г. В. Штыхаў, у 1965—68 гг. Ю. І. Драгун. Выяўлены рэчы феадальнага часу: ганчарная кераміка, навясныя і ўнутраныя замкі, ключы, сякеры, наканечнікі коп'яў. Датуецца 10—12 ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 90–117.
- Оршанские курганные могильники // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. – Мн., 2007. – Т. 5. – С. 612.